«СТУДЭ́НЦКАЯ ДУ́МКА»,
грамадска-палітычны, навук. і літ. часопіс Беларускага студэнцкага саюза. Выдаваўся ў 1924—26, 1928—30, 1935 у Вільні на бел. мове. Рэдактары-выдаўцы: А.Зянюк, І.Гагалінскі, Я.Шутовіч, М.Шкялёнак, С.Станкевіч, М.Якімец. Часопіс імкнуўся прадстаўляць «агульны ідэйны кірунак адраджэнскай беларускай моладзі». Змяшчаў хроніку найважн. падзей грамадска-паліт. і нац.-культ. жыцця ў Зах. Беларусі, БССР, Чэхаславакіі, Латвіі, падрабязна асвятляў дзейнасць саюза, змяшчаў паведамленні аб працы Т-ва прыяцеляў беларусаведы, пра ўдзел вучняў Віленскай бел. гімназіі ў нац.-вызв. барацьбе. Шмат увагі аддаваў Аб’яднанню беларускіх студэнцкіх арганізацый у Празе, гісторыі бел. студэнцкага руху, зберажэнню і папулярызацыі гіст.-культ. спадчыны Беларусі. Узнімаў праблемы філасофіі, культуралогіі і паліталогіі, нац.-культ. адраджэння, псіхалогіі. Змяшчаў літ.-знаўчыя і навук. працы, лекцыі, успаміны, паэт. творы, запісы вуснай нар. творчасці, апавяданні, рэпрадукцыі карцін. Выйшла 15 нумароў, з іх 1 канфіскаваны.
А.М.Вабішчэвіч.
т. 15, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)